ПАЛАВА́Я КАНСТЫТУ́ЦЫЯ,
сукупнасць функцыянальных і марфал. палавых асаблівасцей арганізма чалавека, якія сфарміраваліся пад уплывам спадчынных і знешнеасяродзевых фактараў; адзін з аспектаў агульнай канстытуцыі чалавека. Характарызуе індывід. палавыя асаблівасці і іх устойлівасць да шкодных уздзеянняў. У мужчын і жанчын адрозніваюць слабы, сярэдні і моцны тып П.к. з 3 групамі-падтыпамі ў кожным тыпе (усяго 9). Вызначаюць тып П.к. па вектарнай шкале, удакладняюць па развіцці палавых прыкмет (першасных і другасных). П.к. абмяжоўвае сексуальныя магчымасці чалавека і ад яе залежыць індывід. ўстойлівасць да фактараў, якія шкодна ўплываюць на сексуальную сферу. Вызначэнне П.к. неабходна для ацэнкі сексуальных праяў канкрэтнага чалавека, размежавання іх паталогіі і нормы.
І.У.Дуда.
т. 11, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)